Жыццёвы шлях
Іван Піліпавіч Супрунчык – народны майстар Беларусі, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, дырэктар Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы Столінскага раёна.
Першыя выставы разьбяра адбыліся ў Гродне, Мінску, Кіеве, Маскве, Брэсце, Маларыце. Двойчы лаўрэат ВДНГ у Маскве, удастоены Залатога медаля за дасягненні ў развіцці самадзейнай народнай творчасці, двойчы лаўрэат Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску, лаўрэат прэміі Беларускага Савета прафсаюзаў, адзначаны спецыяльнай прэміяй “За духоўнае адраджэнне”.
Працуе ў станковай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры.
Іван Піліпавіч Супрунчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Цераблічы Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У Піліпа Фядотавіча (1910–1944) і Аксінні Сцяпанаўны Супрунчык (1913–2000) ён быў чацвёртым дзіцям. Але Піліп і Аксіння не доўга пажылі разам, наступіла Другая Сусветная вайна. Яна забрала Піліпа назаўсёды. Бацька загінуў на фронце ў час вызвалення Польшчы, пахаваны ў брацкай магіле ў Зялёнай Гуры.
Піліп загінуў у дзень нараджэння сына, калі Івану споўнілася два гады. Пахаронка яшчэ доўга захоўвалася ў бацькавай скрыпцы, якая вісела на сцяне. Усе клопаты ляглі на плечы маці. Трэба было паставіць чатырох дзяцей на ногі і навучыць неабходнаму для самастойнага жыцця. Маці клапацілася, апякала і навучала Івана, ад яе ён атрымаў неацэнны скарб гістарычнай памяці аб зямлі, на якой нарадзіўся, і пакаленнях людзей, якія тут жылі.
Маляваць Іван пачаў з дзевяці гадоў. Але яго ніхто не вучыў. У Цераблічах да 1956 года не было нават электрычнасці, а ў юнака было гарачае жаданне ведаў, таму ён пешшу хадзіў за 18 км у Давыд-Гарадоцкую бібліятэку, дзе браў кнігі пра мастакоў і мастацтва.
У 1961–1964 гадах Іван Супрунчык служыў у Савецкай арміі (Магілёўская вобл.). Там яму даручылі афармляць насценгазеты. Потым працаваў мастаком-афарміцелем у калгасе «Праўда», маляваў транспаранты, лозунгі.
У 1965 годзе ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Сімончык, настаўніцай пачатковых класаў. Уладкаваўся працаваць бібліятэкарам у Церабліцкую сельскую бібліятэку, якую тады толькі адкрылі. У 1980 годзе завочна скончыў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Адпрацаваў у бібліятэцы 36 гадоў. У 2002 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы.
У 1966–1970 гадах завочна вучыўся ва Усесаюзным народным універсітэце мастацтва імя Н. Крупскай (Масква) на факультэце малюнка і жывапісу.
З 1967 года ўдзельнік мастацкіх выстаў, з 1980 года пленэраў і семінараў (Гродна, Навагрудак, Стоўбцы, Баранавічы, Іванава, Русіна Баранавіцкага раёна, Кобрын, Брэст, Гарадная Столінскага раёна). Пленэры давалі магчымасць беларускім разьбярам творча рэалізаваць сябе. З гэтых плэнераў ўтварылася сяброўскае кола таленавітых беларускіх разьбяроў: Іван Супрунчык, Анатоль Туркоў, Ірына Кушнярук, Уладзімір Чыквін, Аляксандр Лазерка, Анатоль Маголін, Міхаіл Корабаў і іншыя.
Сябраваў Іван Піліпавіч і з Міхасём Раманюкомі - выдатным мастацтвазнаўцам і этнографам, што збіраў беларускія строі. Міхась Фёдаравіч казаў пра ІВана Піліпавіча так: "...Мне асабіста здаецца, што ён стаў цікавым як майстар, як асоба, калі перастаў слухаць сталічных і абласных метадыстаў-кансультантаў, тых, што шукалі ў скульптурах народнага разьбяра недакладнасці, непрапарцыянальнасці, мералі, ці роўныя рукі і ногі... І не заўважалі галоўнага".
Разьбу Іван Піліпавіч робіць выключна сякерай. Але так было не заўсёды, некалі ён дапрацоўваў скульптуры разцамі. З цягам часу майстэрства валодання сякерай пераважыла і ён адмовіўся ад дадатковай апрацоўкі.
У 1989 годзе праведзена персанальная выстава І. П. Супрунчыка «Партрэт з сякерай» у рамках ІІІ Усерасійскага фестывалю народнай творчасці на ВДНГ (Масква). Персанальныя выставы былі наладжаны таксама ў Століне, Пінску, Брэсце, Мінску, Кіеве, Галандыі і Польшчы.
Цікаўнасць да гісторыі і захапленне этнаграфіяй вылілася ў вялікія зборы і калекцыю розных прадметаў: ад археалагічных помнікаў, да сялянскага побыту. Усё гэта знайшло прытулак у бібліятэцы. У 1996 годзе ўрачыста адкрыта бібліятэка-музей у Цераблічах, у 2001 годзе Церабліцкаму грамадскаму музею этнаграфіі прысвоена званне «народны».
Прастора Цэнтра драўлянай скульптуры – пляцоўка, дзе Іван Піліпавіч выступае і аўтарам канцэпцыі музейнай экспазіцыі, і яе дызайнерам. У экспазіцыі цэнтра помнікі гісторыі Цераблічаў злучаюцца разам з драўлянымі і графічнымі творамі мастака, у якіх увасоблены яго роздум пра лёс чалавека ад нараджэння да смерці і повязь з продкамі.
Творы майстра знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Столінскага раённага краязнаўчага музея, Мотальскага музея народнай творчасці і інш. У 2001 годзе І. П. Супрынчык прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» за 2000 год у намінацыі «народная творчасць» (за пластычнае ўвасабленне ў традыцыйнай разьбе па дрэве беларускіх фальклорных матываў). Удастоены звання «Народны майстар Беларусі» (2003). Атрымаў Гран-пры ХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2005) у рамках кірмашу-конкурсу народных рамёстваў і промыслаў.
У 2008 годзе І. П. Супрунчык стаў Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна, у 2014 годзе ўдастоены звання «Ганаровы паляшук».
Двойчы лаўрэат ВДНГ у Маскве, удастоены Залатога медаля за дасягненні ў развіцці самадзейнай народнай творчасці, двойчы лаўрэат Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску, лаўрэат прэміі Беларускага Савета прафсаюзаў.
Івана Піліпавіча чакаюць паўсюды, на пленэрах як настаўніка, на выставах як творцу. Любяць прыязжаць людзі і ў Цэнтр драўлянай скульптуры, каб паслухаць знакамітага майстра і ганаровага палешука, з філасофскім светапоглядам на жыццё.
З 2001 года – член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі, у гэтым жа годзе атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
У снежні 2009 года за вялікі асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна”.
У 2011 годзе ўдзельнічаў у першым фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” у Ляскавічах (Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць).
У 2014 годзе Іван Піліпавіч удастоены звання “Ганаровы паляшук”.
Фотаздымкі з асабістага архіву:
ТВорца.
Рэжысёрка Кася Растоцкая, 2019 г. , Беларусь
Аддзелам культуры Столінскага райвыканкама з 2020 года вядзецца праца па ўключэнню элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Творчасць І.П. Супрунчыка, адметная майстарскім валоданнем традыцыйнымі тэхналогіямі разьбы і роспісу па дрэве, увасобленая ў творах з дрэва" у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.