Цэнтр драўлянай скульптуры
Галоўны ўваход
Цэнтр драўлянай скульптуры знаходзіцца ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Як музей этнаграфіі створаны ў 1996 годзе. У 2001 годзе музею прысвоена званне “народны”. У 2010 годзе па ініцыятыве Івана Супрунчыка і рашэннем Столінскага райвыканкама быў перайменаваны ў Цэнтр драўлянай скульптуры.
У Цэнтры сабраныя прадметы старога вясковага быту вёскі Цераблічы і суседніх вёсак. Акрамя гэтага, размяшчаецца калекцыя драўляных скульптур, што ілюструюць мясцовыя паданні і абрады, якія захаваліся яшчэ з часоў паганства.
Дэманстрацыйная плошча музея складае 420 м2. Дзейнічае 10 пастаянных і 5 часовых экспазіцый. Агульная колькасць музейных прадметаў складае 1435 экспанатаў, з іх асноўны фонд – 1300, навукова-дапаможны – 135.
Экскурсіі рознай тэматыкі для школьнікаў, студэнтаў, дарослага насельніцтва праводзіць дырэктар і стваральнік музея Іван Піліпавіч Супрунчык.
З гісторыі стварэння
Фота Альфрэда Мікуса
Іван Піліпавіч Супрунчык задумаў стварыць музей яшчэ ў 1966 годзе. Мясцовыя жыхары здзіўляліся, навошта маладому хлопцу нікому не патрэбныя, старыя рэчы, якія даўно прыйшоў час адправіць на сметнік. Але паспяхова збіраючы розныя рэчы – ад прылад працы да прадметаў сялянскага побыту, І.П. Супрунчык, у былым бібліятэкар Церабліцкай бібліятэкі, ператварыў звычайную сельскую бібліятэку ў бібліятэку-музей, дзе кожная знойдзеная рэч станавілася экспанатам са сваёй гісторыяй. Так, працуючы ў родным сяле, І.П. Супрунчык займаўся любімай справай – разьбой па дрэве і маляваннем, а пачаткам да стварэння музея была першая выстава твораў майстра ў 1967 годзе, затым – краязнаўчыя пошукі і стварэнне этнаграфічнага музея палескага побыту пры бібліятэцы.
Стварэнне музея пачалося яшчэ ў маленькім будынку сельскага клуба, дзе месцілася бібліятэка. І толькі ў 1996 годзе бібліятэка разам з сабранай калекцыяй прадметаў, уласнымі драўлянымі скульптурамі атрымалі іншае месца жыхарства – будынак у цэнтры вёскі, зусім не ўласцівы па сваёй архітэктуры вясковаму асяроддзю Церабліч.
Немалая плошча будынка, перададзеная раённаму аддзелу культуры, для работы бібліятэкі-музея натхніла І.П. Супрунчыка на пошук новых экспанатаў і стварэнне новых твораў. Так і ўтварыўся на той час Церабліцкі этнаграфічны музей.
Музейная прастора
Аўдыё
На плошчы болей 400 м2 І.П. Супрунчык выступіў як аўтар і дызайнер уласнай музейнай экспазіцыі.
Музей у Цераблічах уражвае – шмат экспанатаў сялянскага быту 19 – пачатку 20 стагоддзяў, драўляныя скульптуры, зробленыя майстрам Супрунчыкам; яго карціны, малюнкі, што адлюстроўваюць лёс яго землякоў і ў цэлым лёс палешукоў. Сабраныя ў музеі экспанаты прысвечаны найважнейшым падзеям гісторыі роднага краю. Многія даследчыкі, спецыялісты ў галіне культуры, журналісты называюць музей унікальным.
У ім набываюць другое жыццё прадметы побыту мінулых стагоддзяў. Іх на гарышчах, у закінутых хатах збіраў Іван Піліпавіч. “Што адны драўляныя скульптуры?” – разважае майстар. – Без атачэння, без натуральнага асяроддзя, яны згубіліся б, а так усё атрымліваецца арганічна…”. У музеі, як адзначае майстар, сабраны і праілюстраваны ім усе легенды, паданні і сказы продкаў. Дарэчы, амаль усе гісторыі, звязаныя з дадзенай мясцовасцю, ажылі і ўвекавечаны з дапамогай умелых рук Івана Піліпавіча. У музеі ўвазе наведвальнікаў прадстаўлена мноства драўляных скульптур, шматлікіх малюнкаў, якія дапамагаюць лепш уявіць пэўныя вобразы і ўявіць тыя ці іншыя гісторыі сялянскага жыцця. Якіх толькі прылад працы няма ў музеі! Тут можна ўбачыць і люльку, і барану, і жорны, і комін з хаты, мноства збаночкаў, бочак, прасніцу, саху, своеасаблівы тагачасны партфель, нават ёсць драўляныя лыжы, на якіх прыязджаў у палескую глыбінку на паляванне сам князь Радзівіл. Колькасць экспанатаў вельмі ўражвае, іх цяжка пералічыць. У створаным Іванам Піліпавічам музеі, які цяпер называецца Цэнтр драўлянай скульптуры, у прыладах працы, посудзе, мэблі, адзенні і абутку, зробленых рукамі майстроў з Цераблічаў і навакольных вёсак, а таксама яго ўласных творах паўстаюць шматгранныя вобразы таленавітых палешукоў.
Прадстаўлена і адзенне людзей, якія жылі ў вёсцы. У музеі захоўваецца адзіны ў рэспубліцы экспанат – вясельны галаўны ўбор маладой 16-17 стагоддзяў – “галоўка”, як называе яго збіральнік. Акрамя яго ёсць “сарпанок”, якім накрывалася дзяўчына, калі ішла замуж і “павівало”. Сваё месца ў музеі знайшло і паўсядзённае адзенне беларусаў.
Шматлікія вышытыя і тканыя ручнікі ўпрыгожваюць сцены музея. Адразу можна заўважыць, што ўсё ў музеі размешчана так, каб наведвальнікам было ўтульна.
Працуе ў музеі і пастаянная кніжная выстава, дзе сабраны шматлікія кнігі па гісторыі роднай зямлі.
У экспазіцыі музея дакументальныя і рэчавыя помнікі гісторыі Цераблічаў злучаны разам з драўлянымі і графічнымі творамі мастака, у якіх увасоблены яго роздум пра лёс чалавека ад нараджэння да смерці і повязь з родамі. Кожнай рэчы і кожнаму твору знойдзена тут адпаведнае месца.
Кампазіцыя скульптур і малюнкі “Роды Цераблічаў” сустракаюць наведвальнікаў музея ля ўваходу. У іх адлюстраваны мясцовы этыялагічны міф пра культурнага героя, легенда аб тым, што першапродак надзяліў кожны род уласнай характарыстыкай, а па сутнасці, кожнаму роду вызначыў адпаведнае месца ў мікракосме вясковай грамады.
Таксама ля ўваходу наведвальнікаў музея сустракае пара маладых у вясельным убранні. Вяселле, злучэнне мужчынскага і жаночага пачаткаў, двух родаў дае пачатак новаму чалавечаму жыццю. Гэта вельмі адказны момант у жыцці кожнага чалавека і ўсяго сялянскага соцыуму.
Наведвальнікаў Іван Піліпавіч вядзе па музеі ад кампазіцыі да кампазіцыі як па коле жыцця чалавека. Чалавек нараджаецца, яго прымаюць рукі бабулі – першая ў гэтым свеце дапамога, абарона, пяшчота. У палескай народнай традыцыі важнае месца было адведзена бабцы-павітусе як першаму чалавеку, які прымаў нованароджанага, быў для дзіцяці правадніком у свет людзей і культуры, надзяляў шчаслівай доляй. Таму побач з кампазіцыяй “Кола жыцця. Пупавіна” (2001) змешчана ў музеі драўляная скульптура “Бабіна каша” (2000).
З этнаграфічных прадметаў і сваіх скульптур Іван Піліпавіч стварыў некалькі інсталяцый. У гэтых кампазіцыях звычайныя побытавыя сялянскія рэчы набылі сімвалічны сэнс.
Інсталяцыя “Бабіна каша” (2000 г.) створана з сапраўдных этнаграфічных экспанатаў і драўлянай скульптуры. Фігура бабы-павітухі на драўляных санках апранута ў мясцовы строй з адмыслова накладзенай “калачом” па мясцовым звычаі хусткай на галаве, абута ў сапраўдныя боты і трымае ў руках пукаты гараднянскі гаршчок. Менавіта так у Цераблічах мужчыны, не зважаючы, ці то зіма, ці то лета, цягнулі бабу-павітуху да парадзіхі завязваць пуп немаўляці. За палазамі санак цягнуўся доўгі след, і такім жа доўгім павінна быць жыццё дзіцяці, якому яна дапамагала нарадзіцца на гэты свет. Бабцы-павітусе ў палескай народнай традыцыі наогул, і ў музеі майстра адведзена важнае месца як першаму чалавеку, які прымаў нованароджанага, быў для дзіцяці правадніком у свет людзей і культуры, надзяляў шчаслівай доляй. Жанчына з тварам матулі мастака трымае над галавой гаршчок з кашай, які сімвалічна ўвасабляе долю новага чалавека. Рытуальнае разбіванне гаршка і падзел кашы паміж роднымі пасля хрышчэння немаўля забяспечвала яму шчаслівую долю і належнае месца ў родзе. Праз шанаванне сваёй бабулі ўнукамі, якіх яна “бабіла” – прымала ў гэты свет на свае рукі, у сялянскай грамадзе забяспечвалася трывалая міжпакаленная сувязь традыцый.
Скульптурныя кампазіцыі і графічныя серыі, створаныя мастаком, размешчаны па перыметры музея. У іх паслядоўна разгортваюцца тэмы ўспамінаў дзяцінства, церабліцкія абрады і звычаі – ад хрэсьбінных і вясельных да пахавальных і памінальных. Асабісты лёс чалавека ўплецены ў канву каляндарных святаў і калектыўных рытуалаў. Паводзіны асобнага чалавека абумоўлены нормамі традыцый. Калі здараліся выпадкі, што чалавек парушаў іх ці вызначаўся нейкімі асаблівымі здольнасцямі – кемлівасцю, мудрасцю ці якімі адмоўнымі якасцямі, народная памяць захоўвала асабістыя імёны гэтых людзей, і аповеды аб іх пераказваліся з пакалення ў пакаленне. У творах Івана Супрунчыка ажываюць героі мясцовай сялянскай гісторыі – Далоня, баба Шмудала, Прохарка… Іх вобразы паўсталі з расказаў старэйшых аднавяскоўцаў, якія мастак чуў у дзяцінстве, з запісаў, якія ён рабіў, пачаўшы ўсведамляць неацэнны скарб роднай культуры, носьбітамі якой гэтыя людзі з’яўляліся, і сваю духоўную роднасць з імі.
Таксама ля ўваходу можна натыкнуцца на човен, які Іван Піліпавіч знайшоў непадалёку ад вёскі, справа – асаблівы гонар майстра – абрадавы дуб, у якім на спецыяльным месцы драўляны чэрап, таксама з дубу. Іван Піліпавіч лічыць, што каля гэтага дуба продкі пакланяліся Ярыле, таму што чэрап і калоссе – сімвалы Ярылы.
Праходзячы па музею, сярод шматлікіх скульптур можна сустрэць і зайздрасць, і бюракрата, і ляноту – тыя заганы чалавека і грамадства, якія, на думку майстра, прысутнічаюць у сучасным жыцці.
Сярод работ Івана Піліпавіча ёсць не толькі скульптуры, але і карціны. Карціны аб жыцці вясковых людзей, карціны, на якіх ажываюць мясцовыя легенды і паданні. Яны, як і скульптуры, перадаюць глыбокія пачуцці і эмоцыі.
У музеі шмат этнаграфічных экспанатаў. Для былых гаспадароў яны яшчэ зусім нядаўна былі звычайнымі прадметамі побыту. Іван Піліпавіч не з чужых слоў ведае, для чаго прызначана кожная рэч і прылада. Сам спасцігаў гэта ў дзяцінстве, калі такія рэчы былі ў кожнай сялянскай хаце, гумне, на падворку. Вясковыя дзеці цяпер не ведаюць, для чаго некалі былі патрэбныя чалавеку сённяшнія музейныя экспанаты. Іван Піліпавіч, сам здзіўляючыся вынаходніцтву і кемлівасці сваіх продкаў, тлумачыць гасцям: жлукта – гэта пральная машына, вярэнька з бяросты – халадзільнік, вось драўляныя яслі для дзіцяці. У музеі народнага майстра можна знайсці драўляную калыску для немаўлят, старажытны халадзільнік з лазы, скураныя боты без адзінага шва і інш. Ёсць тут “мач” – драўляная прылада для выкідвання гною; “баўкун” – драўлянае ярмо для валоў вырабу 1782 году; паляўнічыя прылады часоў Радзівілаў – драўляныя лыжы, ражок для насыпання пораху, трашчотка для прываблівання звяроў; у музеі захоўваецца надмагільная пліта паноў Нарвудскіх з Лутак. Дзіўных і цікавых рэчаў у церабліцкім музеі хоць адбаўляй!
Ён сабраў мясцовыя строі, якія выйшлі з ужытку ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя. Каб паказаць, як насілі кашулі, спадніцы, кабаты, выразныя галаўныя ўборы і сярпанак, Іван Піліпавіч апрануў іх на драўляныя скульптуры, зробленыя ў рост чалавека. З асобым стараннем імкнуўся ён надаць ім партрэтнае падабенства з прыгожымі тварамі сваіх аднавяскоўцаў. Драўляныя творы далікатна размаляваныя, здаецца, іх вочы ўглядаюцца не ў наведвальнікаў музея, а ў далечыню гістарычнага часу. Ажыўленыя рукой майстра, яны – нібы госці з мінуўшчыны.
Толькі ў Церабліцкім музеі можна пабачыць сапраўдныя галаўныя ўборы давыд-гарадоцкага традыцыйнага жаночага строю, якія называліся “галава”. Яшчэ на пачатку 20 ст. замужнія цераблічанкі, як і жанчыны ў мястэчку Давыд-Гарадок і навакольных вёсках, насілі штодня галаўную павязку з наміткі, а ў свята – асабліва тонкі покрыў – сярпанку, які адмыслова ўкручвалі вакол твару, замацоўваючы на цвёрдай аснове, накладзенай на галаву. Некалькі гадоў распытваў Іван Супрунчык старых жанчын, і пошукі далі свой вынік – цяпер у яго музеі, адзіным на Беларусі, можна ўбачыць такі рарытэт. Мясцовая назва высокага вяночка з бяросты, які мае рог, - “галоўка” або “дзюба”. Знайшоўся ён на гарышчы старой хаты пад чаротавай страхой, пабудаванай у пачатку 20 стагоддзя, якая засталася адзіная на ўсе Цераблічы. Калісьці жанчыны накладалі такі штучны рог на галаву, пакрывалі вышываным чапцом, укручвалі паверх намітку. На вяселле маладая абавязкова рыхтавала для гэтага танюсенькі празрысты льняны сярпанак. У будзённыя дні замацоўвалі “галаву” хусткай, якую падвязвалі пад бараду. Такі высокі галаўны ўбор жанчына несла велічна. Залаты арнамент на версе ззяў нібы сонца. Галаўныя ўборы такой формы жанчыны ў Беларусі насілі толькі на Палессі паміж Туравам і Давыд-Гарадком. Замест “галавы” у пачатку 20 стагоддзя жанчыны ў Цераблічах, Аздамічах і навакольных вёсках пачалі насіць “калачы” – адну хустку ўкладвалі калачом вакол галавы, а другую павязвалі паверх.
Ёсць у Церабліцкім музеі сапраўдныя рарытэты. Старадаўні, але яшчэ моцны дубовы човен, выдзеўбаны з суцэльнага дрэва, мясцовая назва якога – “дуб”, нагадвае, што такія лодкі спрадвеку былі галоўным транспартным сродкам на Палессі. Ганарыцца Іван Супрунчык і рэдкім экспанатам – старажытным жалезным якарам у рост чалавека, за якім спецыяльна ездзіў у Альшаны, бо падказалі мясцовыя людзі, што ён ляжыць у возеры. Напэўна, ён быў згублены адным з суднаў, што калісьці хадзілі па Гарыні і Прыпяці. Падобныя па форме якары ў музеях Украіны, паднятыя з ракі Гарынь, датуюцца 18 стагоддзем.
Музей упрыгожваюць доўгія паласатыя тканыя ручнікі. Толькі на Палессі можна сустрэць такія. Чырвоныя палосы на іх нібы вёрсты, адзнакі шляху. Ручнік у беларусаў увасабляе сабой шлях чалавека на зямлі ў іншы свет. Калі ўваходзіш у музей, бачыш, што чырвона-паласатыя ручнікі ўздоўж сцен і спушчаныя ўздоўж калон візуальна ўтвараюць крыжы. Яны вельмі падобныя на крыжы, што ахоўваюць палескія вёскі.
Этнаграфічная калекцыя музея вельмі багатая. Усё гэта патрэбна глядзець і можна нават патрымаць, дакрануцца, але асцярожна, так як некаторым экспанатам ужо больш веку.
На сённяшні дзень можна сказаць, што наведванне церабліцкага музею будзе карысным і пазнавальным для кожнага беларуса і не толькі.
Экспазіцыя Цэнтра драўлянай скульптуры
Аўдыё
- Інтэр’ер сялянскай хаты – прадстаўлены калыска, абразы, ручнікі, ткацкі станок, крэслы і інш.
- Адзенне сялян в. Цераблічы – прадстаўлена льняное штодзённае адзенне сялян 19 – пачатку 20 стст., мужчынскае і жаночае, дзіцячае і дарослае, а таксама вясельныя строі.
- Абрады нашых продкаў – прадстаўлены абрады, апісанне якіх узята ў старажылаў вёскі, напрыклад, вясельны абрад. Некаторыя абрады праілюстраваны.
- Аддзел земляробства – прадстаўлены прадметы, якімі карысталіся сяляне – сякера, карыта, станок для тачэння калоў.
- Пчалаводства і рыбалоўства – прадстаўлены кармушкі, лапаткі для даставання мёду, лодка з чорнага дуба, матэрыялы для пляцення сетак, якар і іншыя прадметы для рыбалоўства.
- Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка – у экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя драўляныя скульптуры і кампазіцыі: “Вяселле”, “Калядкі”, “Ісус Хрыстос і яго 12 апосталаў”; жывапіс – “Мужык у коле”, “Звон Чарнобыля”, “Цярновы вянок Чарнобыля” і інш.
- Культура і побыт нашых продкаў – прадстаўлена адзенне і абутак жыхароў вёскі, матэрыялы па гісторыі Палесся, зямельныя дакументы часоў Сталыпінскай рэформы, судовыя заключэнні па зваротах грамадзян, рэдкія кнігі.
- Вялікая Айчынная вайна – у экспазіцыі прадстаўлены лісты, пахаванкі, фатаграфіі, альбомы, узнагароды ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-афганцаў. Скульптурныя кампазіцыі і карціны, трохвугольныя пісьмы і рэшткі авіяцыйнай бомбы служаць напамінам аб тых гадах і заклікам шанаваць памяць аб загінуўшых земляках.
- Край вытокаў нашай спадчыны – прадстаўлены фальклорныя матэрыялы вёскі, легенды, паданні, песні вясельнага абраду, Дажынак, Купалля і інш.
Экскурсіі
Экскурсія "Край вытокаў нашай спадчыны" (120 хв.): знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй вёскі Цераблічы, знакамітымі родамі, культурай, побытам і традыцыямі насельніцтва.
Экскурсія "Галаўныя ўборы нашых продкаў" (50 хв.): знаёмства з галаўнымі ўборамі продкаў XIX-пачатку XX стст.
Экскурсія "Абрады продкаў нашай вёскі" (60 хв.): наведвальнікі знаёмяцца з традыцыйнымі абрадамі сялян: жаніцьба, пахавальны абрад, хрышчэнне і інш.
Экскурсія "Мой родны кут, як ты мне мілы" (50 хв.): наведвальнікі знаёмяцца з класікамі беларускай літаратуры, іх творчасцю і жыццём.
Экскурсія "Чарнобыль - боль душы маёй" (45 хв.): наведвальнікам дэманструюцца драўляныя скульптуры і творы жывапісу, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі і яе наступствам.
Экскурсія "Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым" (60 хв.): знаўмстваў са стэндам "Аднавяскоўцы ў баях за Радзіму" у кутку баявой славы музея, раскрыццё тэмы вайны і яе наступстваў.
Госці цэнтра спісалі Івану Піліпавічу аж
5 кніг!
Шмат чаго можна ўбачыць, шмат пра што даведацца, атрымаць асалоду падчас экскурсіі, апынуцца ў мінулым, бліжэй пазнаёміцца з жыццём продкаў. Прычым экскурсавод, Іван Піліпавіч, пра ўсё раскажа на дыялекце роднай вёскі Цераблічы. Палескі самародак стварыў унікальны музей, дзе знайшлі сабе куточак цікавейшыя рэчы побыту палешукоў. Гэты музей штогод наведваюць дзеці і дарослыя са ўсёй Століншчыны, пабываць у церабліцкім музеі – гонар для кожнага турыста, які ступіў на столінскую зямлю. У 2009 годзе на экскурсіі ў Супрунчыка пабываў сам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Музей унікальны не столькі экспанатамі, колькі экскурсіяй, якую праводзіць аўтар калекцыі – Іван Супрунчык. Наведвальнікам ён расказвае паэтычную легенду аб 16 родах краю.
З году ў год акрамя школьных экскурсій паглядзець фрагменты гісторыі, незвычайныя драўляныя скульптуры і проста мясцовыя пейзажы ўсё часцей сталі турысты, у тым ліку і замежныя. І ніхто не пакінуў музей разчараваным.
Музей Івана Супрунчыка – важная справа на карысць захавання беларускай народнай спадчыны, а ўся дзейнасць Івана Піліпавіча – служэнне людзям дзеля адной мэты – захаванне дарагой памяці продкаў для сучаснікаў і нашчадкаў, каб яны моцна трымаліся каранёў свайго роду і глыбока, падрабязна ведалі гісторыю свайго роднага кутка і краіны ў цэлым.
У музеі, аглядаючы рупліва сабраныя Іванам Супрунчыкам экспанаты, разумееш, што ён – захавальнік церабліцкай культурнай спадчыны і памяці тутэйшых людзей. Жыццёвы лёс мастака з народу – гэта таксама старонка гісторыі Цераблічаў, а скульптуры і графічныя творы – яго мастацкая спадчына для аднавяскоўцаў, роднага палескага краю, для ўсёй Беларусі.
Іван Супрунчык лічыць музей галоўнай сваёй заслугай, а таксама тое, што ў Цераблічы едуць і едуць экскурсіі, што плён яго працы цікавы для людзей. Стварэнне музею ўздымае народнага майстра, самадзейнага мастака, збіральніка фальклору і краязнаўцу да ўзроўню асоб вялікага маштабу, менавіта якія і фарміруюць нацыянальную культуру.
Быць у музеі творчасці ў цэнтры Церабліч і заставацца раўнадушным да яго работ, дзікунства. Гэта трэба бачыць…
Кантакты
Адрас: 225552, Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласць, Столінскі раён, в. Цераблічы, вул. 9-га Мая, 6.
Рэжым працы: 10.00 – 13.00 гадзін, выхадны дзень – панядзелак.
Кошт білета – 30 – 50 кап.
Кантактны тэлефон: +375 29 203-71-67
Інстаграм: www.instagram.com/suprunchik_ivan/