top of page

Творчасць

    Творы Георгія Марчука перакладзены на шэраг моў СНД і далёкага замежжа, уключаючы рускую, англійскую, украінскую, літоўскую, балгарскую, казахскую, польскую, македонскую. Агульны тыраж яго кніг складае паўмільёна асобнікаў. А казкі Г. В. Марчука ўключаны ў школьную праграму Македоніі.

   У творчай скарбонцы Г. Марчука прадстаўлены літаратурныя творы розных жанраў: раманаў, п’ес, навел, казак, кінасцэнарыяў, афарызмаў. Таксама ён вядомы як тэатральны крытык і выдатны публіцыст.

  Драматургія – першая і самая значная любоў Георгія Васільевіча. Станаўленне драматургічнага таленту Г. Марчука пачалося з аднаактавых п’ес, якія з’яўляюцца выдатнай школай майстэрства. Пісьменнік дэбютаваў аднаактовай п’есай «Выкраданне Алены» ў 1971 годзе, якая была адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. Яго п’есы ставяцца на сцэнах народных і прафесійных тэатраў. Найбольш вядомыя камедыі: «Варвара і яе блудны муж» (1996), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1983), «Люцікі-кветачкі» (1974), «Муж, жонка і целаахоўнік» (2000), «Калі заспявае певень» (1982); драмы «Дарога ў Іерусалім» (1997), «Кракаўскі студэнт» (1980), «Любоў мая нешчаслівая» (1999), «Пеўчыя 41 года» (1986).

     У 2003 годзе Георгій Марчук выдаў кнігу прозы «Урсула», у якой змясціў навелы кахання і Давыд-Гарадоцкія каноны. «Давыд-Гарадоцкія каноны» — цыкл з дзесяці твораў, своеасаблівая малітва, якая гучыць у звароце да роднага кутка. Рэжысёрам Аляксандрай Шпартавай зняты дакументальны фільм «Давыд-Гарадоцкія каноны», які на Міжнародным кінафестывалі хрысціянскіх фільмаў атрымаў спецыяльны прыз «За ўдалую экранізацыю літаратурнага твора сродкамі неігравога кіно» (2012), а ў 2013 годзе заняў I месца ў намінацыі «Дэбютныя і студэнцкія фільмы» на Міжнародным кінафоруме «Залаты віцязь».

     Раманы «Крык на хутары» (1983), «Прызнанне ў забойстве» (1985), «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон» (1990), «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (1990), шэраг аповесцяў, апавяданняў, навэл склалі ўжо цэлую старонку ў гісторыі развіцця нацыянальнай прозы.

     Зборнік навел «Хаос» прызнаны лепшай кнігай Беларусі за 1997 год.

    Георгій Марчук паспяхова працуе і ў дзіцячай літаратуры. Пачаткам творчасці Г. Марчука над п’есамі-казкамі можна лічыць камедыю-лубок «Новыя прыгоды Несцеркі» (1977), у якой аўтар не абышоў класічны сюжэт пра героя народнай смехавай культуры Несцерку, але ўнёс і новае ў яго характарыстыку. У 1987 годзе выйшаў зборнік казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына», затым яго літаратурныя казкі выходзілі неаднаразова. У 1995 годзе прымаў удзел у конкурсе «П’есы для тэатра», атрымаў прэмію за п’есу для дзяцей «Чужое багацце».

    Пісьменнік выступае ў друку і як публіцыст, філосаф з эсэ аб духоўнасці, аб веры Богу, душы. Упершыню ў гісторыі славянскай літаратуры напісаў дзве трагедыі з гісторыі Старажытнай Грэцыі — «Менелай, Елена і Парыс», «Арэст і Касандра», дзе па-свойму апавядае аб Траянскай вайне, аб каханні, годнасці старажытных грэкаў. Унікальнасць дару Георгія Марчука і ў тым, што яму ўдаецца таленавіта працаваць у розных жанрах літаратуры. У песенным жанры дэбютаваў у пачатку ХХІ ст., у выкананні розных спевакоў гучаць яго песні: «Тураўскі вальс», «Столінскі вальс», «Мінскае танга», «Давыд-Гарадок», «Родныя Жыткавічы» і інш.

Літаратурная спадчына

bottom of page